САВЕ́ЦКІ МЕРЫНО́С,

парода танкарунных авечак воўнавага і мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў 1920—51 у паўд. раёнах еўрап. ч. СССР паляпшэннем і скрыжаваннем мазаеўскіх і новакаўказскіх авечак з баранамі асканійскай пароды, прэкас, рамбулье, каўказскай і інш. Выкарыстоўваліся пры вывядзенні грузінскай танкаруннай і забайкальскай парод. У 1960—80 адна са шматлікіх танкарунных парод авечак у СССР. Гадуюць пераважна ў Расіі (паўд. раёны, Зах. Сібір і інш.) і Казахстане.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з прапарцыянальным тулавам, магутным касцяком. Скура шчыльная, на шыі 1—2 невял. папярочныя складкі ці 1 падоўжная (бурда). Маса бараноў 90—110 (да 130) кг, матак 50—55 (да 70) кг. Руно самкнутае, воўна мерыносавая, эластычная, мяккая, ураўнаваная па тонкасці і даўж. (7,5—10 см), з раўнамернай пакручастасцю. Настрыг воўны з бараноў 13—16 (да 24) кг, з матак 5—7 кг. Выхад чыстай воўны 36—42%. Плоднасць 120—140 ягнят на 100 матак.

Савецкі мерынос.

т. 14, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)